група заходніх славян (плем. саюзы бодрычаў, люцічаў, лужыцкіх сербаў), якія размаўлялі на палабскай мове. У канцы 1 — пач. 2-га тыс. насялялі землі паміж рэкамі Лаба (Эльба) і Одра (Одэр) ад Балтыйскага м. на Пн да Рудных гор на Пд (цяпер тэр.Усх. Германіі і часткова Зах. Польшчы). Найважнейшыя цэнтры — Торгаў, Прыворна, Рэрык, Убаба, Бранібар (цяпер Брандэнбург) і інш. У 6—8 ст. у П.с. адбываўся распад першабытнаабшчыннага ладу, складваліся феад. адносіны Займаліся пераважна земляробствам, у 9—10 ст. значнае развіццё атрымалі рамёствы. Гандлявалі з Саксоніяй, Даніяй, Швецыяй, Кіеўскай Руссю.
У 10 ст. пачалося заваяванне П.с. герм. феадаламі. 11—12 ст. — перыяд найб. росквіту П.с., паспяховага супраціўлення герм. агрэсіі, узнікнення раннефеад. дзярж. утварэнняў, т.зв.Вендскай дзяржавы бодрычаў і люцічаў. П.с. на чале з князем бодрычаў Ніклатам разграмілі крыжовы паход супраць славян 1147. У 2-й пал. 12 ст., скарыстаўшы тэр. раздробленасць П.с., герм. феадалы захапілі іх землі. Ням. каланізацыя прывяла да частковага знішчэння і асіміляцыі П.с.